ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Канадская платформа,

старажытная платформа (кратон) у Паўн. Амерыцы. Першапачаткова (да кайназою) уключала і в-аў Грэнландыя. Платформу акаймоўваюць складкавыя збудаванні каледанід Усх. і Паўн. Грэнландыі, Ньюфаўндленда і Паўн. Апалачаў, герцынід Канадскага Арктычнага архіпелага і Паўд. Апалачаў, мезазойска-кайназойскага пояса Кардыльер. Б.ч. плошчы П.-А.П. займае Канадскі шчыт. Фундамент шчыта (за выключэннем Грэнвілскага пояса) утвораны пародамі дакембрыю. кансалідаваны ў гудзонскую тэктона-магматычную эпоху (1700 млн. г. назад). Фарміраванне фундамента ўсёй платформы завяршылася ў познім кембрыі. На ПнУ і ў межах Канадскага шчыта фундамент выходзіць на паверхню, на астатняй ч. ўкрыты асадкавым чахлом пліт, які пераважна складзены з палеазойскіх адкладаў (пліта Мідкантынента і інш.).

У мезазоі апускалася толькі пліта Вялікіх раўнін, дзе намнажаліся прыбярэжна-марскія і кантынентальныя асадкі. У пач. кайназою на платформе ўсталяваўся кантынентальны рэжым. Будова пліт ускладнена сінеклізамі і антэклізамі. З сінеклізамі звязаны багатыя радовішчы солей, вугалю, нафты і газу. Дакембрый Канадскага шчыта ўключае буйныя радовішчы жалезных, сульфідных, медных, нікелевых, уранавых руд, золата і каляровых металаў.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)